«НА́ШЕ НАСЛЕ́ДИЕ»,

ілюстраваны гісторыка-культ. часопіс. Выдаецца з 1988 у Маскве на рус. мове. Мае рубрыкі: «Літаратура, гісторыя, філасофія», «Паштовая проза», «Кніжны знак», «Галерэя часопіса», «Памяць», «Сярод калекцыянераў» і інш. Друкуе неапублікаваныя і малавядомыя творы філосафаў, пісьменнікаў, мастакоў, іх мемуары, выступленні і інтэрв’ю дзеячаў мастацтва і навукі. Змяшчае лісты, архіўныя матэрыялы па гісторыі Расіі. Знаёміць з прыватнымі калекцыямі твораў жывапісу, графікі, прыкладнога мастацтва, запаснікамі цэнтр. і правінцыяльных музеяў і інш. Выдае забытыя творы л-ры і мемуары знакамітых людзей Расіі. Мае выставачную залу, дзе праводзіць выстаўкі работ сучасных мастакоў, работ з прыватных збораў, у т.л. замежных.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)